Галоўная задача — захаваць аўтэнтычнае аблічча аднаго з самых знакамітых аб’ектаў горада. Былы бровар аднаўляецца проста на вачах: тут праходзіць рэканструкцыя пад вялікі фуд-корт.
When is the best time to drink coffee?
Але не толькі. Мяркуецца, што на тэрыторыі былога бровара з’явіцца бізнэс-цэнтр, музей піва, міні-піваварня, гандлёвыя павільёны. Усе будынкі будуць аб’яднаны паміж сабой галерэямі. Першых наведвальнікаў рыхтуюцца прыняць у канцы 2024 года.
Адзін з галоўных аб’ектаў комплекса — двухпавярховы будынак, у мінулым — палац канца ХVII стагоддзя, які належыў роду Сапегаў, затым Агінскіх. Па словах нашага гіда, намесніка дырэктара ААТ «МБА Інвестмэнт» Аляксандра Заглубоцкага, частка палацавых сцен ужо адноўлена падчас колішніх рэканструкцый. Іх праводзіў тагачасны гаспадар комплекса аўстрыец Кунц, які перабудаваў яго пад броварны завод у ХІХ стагоддзі.
Такім чынам, прамысловае прадпрыемства будавалася на рэштках палаца. Але ёсць і яшчэ больш ранні перыяд пабудоў. Падчас работ выявілі склепы, на якіх магчыма размяшчаліся вежы. А самі склепы былі прыстасаваны Кунцам пад склады.
— Мы бачым, што ў працэсе перабудовы палаца ў піваварню, многае засталося. Калі пачалі адкрываць замазаныя праёмы, атрымалі амаль што архітэктуру палаца. Зразумела, што мы гэта ўсе ўлічвалі пры рэканструкцыі. — расказаў Аляксандр Заглубоцкі.
Каб дабрацца да старажытнай эпохі, многае прыйшлося расчысціць. Тоўстыя пласты тынкоўкі клаліся ўжо ў савецкі перыяд, калі тут была адноўлена вытворчасць піва. У 70-х гадах завод закрылі, а сам комплекс паступова разбураўся…
Экскурсія па старым піўзаводзе працягваецца. Мала хто мог бы ўявіць, што на самой справе ўяўляе сабой гэты комплекс, які ўсе прывыклі бачыць альбо з Нёманскага маста альбо з набярэжнай. Вядома, заходзіць на тэрыторыю падчас рэканструкцыі не рэкамендуецца. Таму ўдзельнікі прэс-тура стараліся па максімуму даведацца аб аўтэнтычных кутках і пабываць там.
Спуск у глыбокі склеп, прама скажам, яшчэ тая атракцыя. «Там можна зваліцца, асцярожна», — папярэджвае наш гід. І ўсё ж адмовіцца ад прапановы ніхто не збіраўся. І вось вакол нас сцены ажно XVII стагоддзя. Зараз тут поўнасцю адноўлена ў арачным выглядзе гістарычная столь. Наверсе некалі быў палац, а затым першы ў горадзе броварны завод.
Дарэчы, знутры ўжо бачны контуры будучага двухпавярховага рэстарана з гістарычнымі чыгуннымі апорамі. У аўтэнтычным выглядзе захаваецца і лесвіца ХІХ стагоддзя. Элементы, якія пашкоджаны, аднаўляюцца з ювелірнай дакладнасцю з дапамогай 3D макетаў. Тэхналогія тынкоўкі таксама адпавядае аўтэнтычнасці.
— Мы тынкуем вапнай, як гэта было раней, устаўляем драўляныя вокны, якія былі раней, стараемся ісці па праектах гістарычнага профілю. Для нас важна адлюстраваць магчымы выгляд палаца, бо яго ніхто ніколі не бачыў, а гісторыкі стварылі прыблізную яго копію. Мы адкрыем кладку ХVIІ стагоддзя. Большая частка работы зроблена, — зазначае наш спадарожнік.
У будынку заўважаем цэлы шэраг старых бутэлек. Аказалася, іх знайшлі у старых склепах. Магчыма, гэта бутэлькі бровара Кунца, але ёсць і навейшага часу — 20-30-х гадоў. Яны так і будуць экспанавацца — з пацінай на шкле. Іх размесцяць па ўсім будынку на спецыяльных падстаўках. Будзе тут і шкляная падлога з відам старога склепа.
Па словах сп. Заглубоцкага, гэта будзе вялікі аб’ект грамадскага харчавання. Прычым на любы густ і кашалёк. Але для арэндатараў таксама будуць прад’яўляцца ўмовы па захаванні стылю гістарычнага аб’екта. «Важна, каб яны ўпісваліся ў гэту канцэпцыю, а не проста лічылі месца хайповым», — заўважае Аляксандр.
У зону фудкорту ўвайдуць дзесяткі арэндатараў з рэстаранамі, кафейнямі, барамі. Тут размесціцца піваварня, а ў склепах — музейная экспазіцыя. Усе знаходкі падчас рэканструкцыі будуць упісаны ў інтэр’ер ці выстаўлены ў экспазіцыі.
— Мы сваёй архітэктурай хочам вярнуць былое аблічча і веліч гэтаму аб’екту, які дастойна ўпрыгожыць старажытны горад, — заўважае наш гід.