Як зрабіць сваё жыццё больш прыгажэйшым: беларускі варыянт

8 Min Read

Як рэагуе прыродны і краязнаўчы фатограф на прапанову паздымаць мадэляў?

Зразумела, пагаджаецца, асабліва, калі даведваецца, што ў мадэляў будзе адзенне ў стылі Алены Кіш і Язэпа Драздовіча.

Мы едзем у Навагрудскі раён, каб сумясціць жартаўлівую фотасесію з экскурсіяй. Я здымаю каля Лаўрышаўскага манастыра, на месцы былога палаца ў Шчорсах, і толькі калі пачынаю дэталёва разглядаць файлы на кам’ютары, узнікае пытанне: а як гэтае адзенне зроблена?

І вось тут высвятляецца, што кожны строй індывідуальны, ён створаны ўласнымі рукамі яго гаспадыні пад кіраўніцтвам загадчыка экспазіцыйнага аддзела Музея гісторы беларускай літаратуры Ірыны Князевай. Але пры чым тут музей і інсітнае мастацтва?

Ірына Князева: “Маляванкі – мая даўняя мара”

– Я працую ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, загадваю экспазіцыйным аддзелам. Але маё асноўнае месца – гэта філіял музея, лецішча Васіля Быкава. І з першага траўня пераязджаю туды на экскурсійнае абслугоўванне, правядзенне мерапрыемстваў. Я сезонны работнік: працую ў філіяле з траўня па верасень, а астатнія паўгода ў музеі раблю экспазіцыі.

У 2019 годзе пачала маляваць дываны. Хацела іх актуалізаваць – зрабіць больш сучаснымі, але так, каб яны ўсё ж заставаліся дыванамі. Захоўваючы асноўныя прынцыпы, класічныя памеры, тэхніку выканання і кампазіцыю – толькі фарбы і грунт у мяне сучасныя. Я не маю прафесійнай адукацыі. Я – дакладна інсітны мастак. Але і тыя чароўныя мастакі, якімі я натхняюся, таксама часта не мелі спецыяльнай адукацыі…

– Але ж Язэп Драздовіч меў?

– Так, Драздовіч меў, ён прафесійны мастак, майстар, які валодае прафесійнай тэхнікай. А я, магчыма пад уплывам Алены Кіш, пачала паступова ўдасканальвацца, улічваючы тое, што ўвесь час нешта малявала. У мяне быў шэраг выстаў, нават персанальных – удзельнічала ў Віцебску ў выставах інсітнага мастацтва. Малюю ўсё новыя дываны. Дарэчы зараз малюю свайго дзеда – “бацьку Міная”.

– Маляваны дыван будзе з героем Вялікай Айчыннай вайны?!

– Так, з маім родным дзедам. У ім вытрыманы галоўны прынцып акаймлення, асаблівы бардзюр. Гэтая інсітная кампазіцыя – у нечым фантасмагарычная – будзе мець назву: «Бацька Мінай і чатыры птушкі з выраю». Я планую выставіць яе, як толькі яна будзе скончана. Работа ўжо зроблена недзе напалову.

– А як нарадзілася ідэя з адзеннем у стылі Алены Кіш і Язэпа Драздовіча?

– Ужо пяць гадоў у літаратурным музеі мы прыдумалі майстар-клас “Пісаная торба”, я яго праводжу: распісваем чорныя шоперы. Раней я вырабляла трафарэты “з галавы”, а потым пачала выкарыстоўваць кампазіцыі і матывы Алены Кіш і Язэпа Драздовіча. Цяпер ужо ёсць пэўны досвед: калі свята, то да яго з’яўляецца новы трафарэт.

Мяне запрасілі правесці майстар-клас у Музеі маляванкі ў Заслаўі. І там да мяне падыйшлі дзве жанчыны, і адна з іх – потым высветлілася, што гэта Наталля Простак з “Рэал эйдж студзіо” – запыталася: «А можна зрабіць такое на адзенні?»

Я адказваю: у прынцыпе, магчыма. Бо я ўжо спрабавала рабіць аксэсуары, але не планавала, што гэта будзе менавіта адзенне. У мяне былі гетры, фартушок, камізэлька – гэта такая аксэсуарная частка, якая можа вар’іравацца. Але дзяўчаты настаялі на тым, каб наша адзенне было больш спартыўнае – своеасаблівы «спорт-шык».

Мы пачалі падбіраць магчымыя строі. Хтосьці набываў новы, а хтосьці прыносіў асобныя часткі, і мы іх складалі ў касцюм – каб потым яго распісаць.

– А якая тэхналогія? Гэта проста пісалася па строі?

– Так, вядома! Усё распісана па адзенні, па тканіне. Справа ў тым, што ёсць такая асаблівасць у акрылавай фарбы. Гэта фарба не змываецца. Яе можна прасаваць і праць, але толькі не ў пральнай машыне, а ўручную. Тэхніка выкарыстання – тая самая, дыванковая: грунт і размалёўка. Фарбы шмат, яна застывае, як цырата – не адарваць.

Кожны, уявіце, выбіраў свой вобраз. І ўсе яны непаўторныя! Спачатку я запрасіла жанчын прыехаць на экскурсію ў Заслаўе. Перад тым, як яна пачалася, я параіла звярнуць увагу на дыванковыя вобразы – і кожнай выбраць свой.

У мяне ёсць усе трафарэты – кампазіцыйныя. Я хвалявалася, нават баялася. Але папярэдзіла: мы зробім гэта не адразу, патрэбны доўгі час. Так і здарылася…

Яны захапіліся і выбралі сабе сюжэты. Калі паглядзець на гэтыя строі – у кожнай ёсць цэнтральная фігура, якая з’яўляецца вобразам: краснолюдкі, лес, лебедзі, кветкі, каты (класіка жанру – я без катоў нікуды), птушкі, Рай, конь, цмок.

Усе гэтыя вобразы традыцыйна выкарыстоўваюцца мастакамі. Спачатку мы на спіне нанеслі трафарэт будучага вобраза. Я ім паказала, як гэта робіцца, як наносіцца грунт, як размалёўваецца.

Мастак накшталт мяне звычайна не карыстаецца трафарэтамі, толькі калі трэба нанесці сіметрычны ўзор, а так у асноўным усё раблю сама, ад рукі. Але многія ўдзельніцы праекта наогул ніякага вопыта ў інсітным мастацтве не мелі!

Таму мы стварылі сваю асобную “арцель” – як у 20–30-я гады мінулага стагоддзя. І яны пераймалі ў мяне майстэрства.

– Самі малявалі?!

– Так, так. Мая задумка была менавіта, каб яны самі малявалі. Наносілі трафарэты – я паказвала, як гэта рабіць. Гэта даволі проста, але трэба прыстасавацца. Потым наносілі першы слой фарбы, фон. А далей я паказвала, як пасля размалёўваць, як дадаваць аб’ём.

Калі яны зрабілі вобразы, я ўжо мелам дапаўняла на кожны – наносіла акаймленне: асіметрычнае ці сіметрычнае, адпаведна вобразу, кветкавае, хваінае, дубовае лісце, жалуды.

Мы збіраліся па пяць чалавек, размалёўвалі строі паступова. Тое, што можна было дапрацаваць самастойна, нехта браў дадому. Некаторым я дапамагала – бо яны зусім не малююць, дык я дамалёўвала.

І вось – яшчэ не ў цалкам дапрацаваных касцюмах – яны выйшлі на першае дэфіле. Я адразу схапілася за сэрца і сказала: «Белыя красоўкі ўсё псуюць!»

Літаральна за тыдзень (ці паўтара) мы зрабілі абутак. Вядома, значную частку я рабіла сама. Потым я дадавала дэталі, каб было больш ярка, яскрава, аб’ёмна.

– І весь праект вы рэалізавалі за два месяцы?!

– Так. Гэта проста рэкорд, варты Гінэса. Тут важна ўлічыць, што ўсе працуюць, у тым ліку і я. Захапіліся дзяўчаты! У мяне даўно была мара стварыць штосьці незвычайнае, але ідэя ніяк не афармлялася. І вось дзякуючы супрацоўніцтву з цікавымі людзьмі нешта атрымалася. Ніколі ў жыцці не думала, што зраблю такую калекцыю!

І я ад іх атрымала такі… творчы водгук, душэўны. Для мастака гэта даражэй, чым грошы.

12 DI3A5585.webp

– Дарэчы, пра грошы, а як камерцыйны праект гэта не планавалася?

– Апрыёры – не. Мне многія кажуць: «Прадавайце, дзе можна набыць?» Я да гэтага пакуль не гатовая, гэта хэнд-мэйд, яго немагчыма тыражыраваць. Мы не планавалі свой праект як камерцыйны. Хутчэй, як своеасаблівы піяр – хацелася паказаць, звязаць з гісторыямі, якія датычацца музея ў Заслаўі. Мы прысвяцілі свой праект Году жанчыны. Я з’яўляюся дызайнерам гэтага праекта, і ён мне вельмі падабаецца. Я так задаволена, што няма слоў.

Планую стварыць яшчэ адну калекцыю з дзяўчатамі – таксама выкарыстаць роспіс, але там будзе імітацыя пад саломку на тканіне. У мяне ёсць адзін такі дыван, спадзяюся, і другая калекцыя будзе незвычайная.