Унікальная святыня стаіць недалёка ад Баранавічаў, у кіламетры ад трасы Мінск – Брэст. Звонку просты непрыкметны касцельчык, сельскі класіцызм, затое ўнутры дух захоплівае ад прыгажосці алтароў 17-18 ст.
Гэта касцёл Перамянення Гасподня ў вёсцы Новая Мыш. Адкуль у простым мястэчку шыкоўныя алтары 17 ст., ды яшчэ абраз італьянскага Адраджэння? Аказваецца, алтары былі перавезеныя сюды з нясвіжскага манастыра бенедыктынак, што недалёка ад Слуцкай брамы. У 19 ст. за царскімі ўладамі кляштар быў зачынены, а алтары выставілі вонкі. І мясцовы люд угаварыў царскую адміністрацыю, каб алтары аддалі гараджанам. Яны былі парэзаныя на некалькі частак і перавезеныя коньмі, валамі за некалькі дзесяткаў кіламетраў да Новай Мышы.
За савецкім часам святыня не была зачыненая, таму ўвесь інтэр’ер захаваўся ў першазданным выглядзе.
Па інтэр’еры касцёла ў Новай Мышы па інтэр’ерах можна вывучаць гісторыю беларускага мастацтва. Так, розніцу разьбы алтароў 17 і 18 ст., мастацкі ўзровень у вырабе аргана. У касцеле знаходзіцца адзіны ў Беларусі абраз, на якім намаляваныя Радзівілы. Таксама на правым алтары захоўваецца старадаўні спісак абраза Маці Божай Бялыніцкай. Нагадаю, гэты абраз быў адным з трох у Вялікім княстве Літоўскім, які шанаваўся і праваслаўнымі, і каталікамі. Разам з Маці Божай Вастрабрамскай і Маці Божай Жыровіцкай.